Уборочная кампания 2021г

4 августа 2021

Намалоты чакаць не прымусяць! Трэці тыдзень на новым камбайне працуюць Фёдар Астапчык і Алег Месячык з філіяла «Аграэнерга Зеляневічы»

Новы збожжаўборачны камбайн вытворчасці ААТ «Гомсельмаш» «Палессе GS12A1 PRO» (на здымку) пачаў працаваць у ліпені на палетках філіяла «Аграэнерга Зеляневічы» РУП «Брэстэнерга». Магчыма, і ён дапамог работнікам сельгаспрадпрыемства нарошчваць тэмпы ўборачнай кампаніі: па стане на 3 жніўня тут ужо ўбрана 81,2 працэнта плошчаў (пры сярэднім па раёне паказчыку 63%). Але калі сучасная тэхніка дадае магчымасцей, стварае зручнасці тым, хто на ёй працуе, то асноўнае ў гарачы час жніва — гэта сумленнасць і адказнасць працаўнікоў усіх узроўняў. Кожны «вінцік» уборачнага канвеера павінен быць на сваім месцы.

Каб пацікавіцца, як працуюць зеляневіцкія аграрыі, ці задаволены новай айчыннай тэхнікай, нашы карэспандэнты наведалі гэтую аддаленую ад райцэнтра гаспадарку.

Палі, на якіх шчыруюць працаўнікі філіяла «Аграэнерга Зеляневічы» РУП «Брэстэнерга», адрозніваюцца ад тых, што можна ўбачыць у іншых гаспадарках. Роўная мясцовасць сям-там змяняецца ўзгоркамі, побач відаць лес, які нібыта ахоўвае будучы ўраджай. Таму тут часам жартуюць, што навічок не адразу зразумее: на полі ён ці ў лясным масіве.

Такім, нібыта схаваным ад людскіх вачэй, з’яўляецца і палетак пад Зіновічамі. Менавіта тут убіралі трыцікале Фёдар Астапчык і Алег Месячык (на здымку), калі іх знайшла радасная навіна. Але аб усім па парадку.

Збожжавы палетак у «Аграэнерга Зеляневічы» ў гэтым сезоне складае 1540 га. Жніво ідзе добрымі тэмпамі. Як расказаў дырэктар філіяла І.А.Ярашэвіч, акрамя азімага трыцікале, якое сёлета займала 200 га, ужо ўбралі яравы ячмень, авёс і жыта. Справіліся з азімым рапсам і зернебабовымі.
У дапамогу аграрыям – сучасная тэхніка. Падчас гэтай уборачнай на палях шчыруе восем камбайнаў. Пяць з іх – «КЗС-1218», два – «КЗС-10» і яшчэ адзін «Джон Дзір».

Але ёсць на гэтым жніве і «навічок». Камбайн «Палессе GS12A1 PRO» працуе побач са сваімі старэйшымі «калегамі» ўсяго трэці тыдзень. Якраз на яго перасеў экіпаж Фёдара Астапчыка і яго памочніка Алега Месячыка. Пра гэта камбайнерам паведаміў асабіста дырэктар на полі пад Зіновічамі. «Каму яшчэ, калі не Фёдару Мікалаевічу, вопытнаму, адказнаму, працавітаму работніку, даверыць новую тэхніку?» – пытаецца Іван Андрэевіч Ярашэвіч. Дырэктар мае рацыю.

Свой вопыт Фёдар Астапчык пачаў набываць у 1983 годзе, калі пасля заканчэння школы прыйшоў у зеляневіцкую гаспадарку. Цяпер жа ён разам з жонкай Людмілай Аляксееўнай маюць трох дарослых дзяцей.
Гадоў пяць верным сябрам Фёдара Мікалаевіча падчас жніва быў польскі камбайн «Bizon». Потым ён перасеў за штурвал «КЗС-1218» і меркаваў сёлета адпрацаваць на ім 14-ы сезон.


Астапчык ужо шмат гадоў – сярод лідараў унутранага спаборніцтва філіяла. Летась з бункера яго камбайна выйшла каля 1300 тон збожжа.
— Зразумела, рашэнне кіраўніцтва даверыць нашаму экіпажу новенькую тэхніку вельмі ўзрадавала, — прызнаецца Фёдар Мікалаевіч. – «Палессе» – удасканалены камбайн, і вынікаў на ім можна дасягнуць больш высокіх. Але, ведаеце, хоць мой старэнькі «КЗС» аказаўся «ветэранам», ён працягвае ўдзельнічаць у жніве і дае неблагія намалоты.

Стараецца не адставаць ад старэйшага калегі Алег Месячык. На жніве ў «Агра-энерга Зеляневічы» ён працуе дванаццаты сезон. Паспеў асвоіцца на камбайнах «Ліда 1300», «КЗС-10» і «КЗС-1218». А памочнікам Фёдара Астапчыка з’яўляецца з 2013 года.

 

Экіпаж сапраўды спрацаваны. І камбайнер, і яго памочнік выдатна разумеюць, што галоўнае на жніве – вынік. Фёдар Мікалаевіч кажа, што вельмі паважае калегу, які выдатна ведае ўсё начынне камбайна. Канфліктных сітуацый паміж членамі экіпажа не ўзнікае. Ды і ці варта марнаваць на гэта час, калі палетак чакае?
—Ці хацелася б самому перасесці за штурвал камбайна? – задаю пытанне Алегу Анатольевічу.
—Дрэнны той салдат, які не марыць стаць генералам, — усміхаецца той. — Спадзяюся, што праз пэўны час стану камбайнерам. Фёдар Мікалаевіч мяне ў гэтым падтрымлівае. Пакуль жа трэба асвойваць новую тэхніку і старанна працаваць на карысць нашай гаспадаркі.

***

На мінулым тыдні Фёдар Мікалаевіч Астапчык, яго брат Юрый Мікалаевіч Астапчык, а таксама Уладзімір Яўгенавіч Мацвейчык атрымлівалі падзякі і падарункі за шматгадовую добрасумленную працу (працоўны стаж кожнага складае ад 16 да 23 гадоў). Іх камбайнерам уручылі намеснік абласнога прафсаюза работнікаў «Белэнергапалівагазу» С.А.Скаль і старшыня прафсаюза работнікаў філіяла «Аграэнерга Зеляневічы» Л.М.Ярашэвіч.

По материалам: "Районные будни"