01.09.2016

Электрычнасць? Без праблем!

Работнікі Ганцавіцкіх раённых электрасетак вядуць падрыхтоўку да асення-зімовага перыяду. Брыгада пад кіраўніцтвам майстра Сяргея Кляўца ў сераду, 24 жніўня, працягвала планавы капітальны рамонт паветраных ліній электраперадач (ПЛ-0,4кВ) ад трансфарматарнай падстанцыі № 95 у вёсцы Хатынічы. “Сёння мы ажыццяўляем замену провада на новы, але большага сячэння, па вуліцы Люсінскай. Што гэта дасць? Растлумачу: з наступленнем халадоў нагрузка на электрычную сетку ўзрастае за кошт больш актыўнага выкарыстання жыхарамі населенных пунктаў электрапрыбораў, а таксама электранагравальнікаў вады. Адпаведна, напружанне ў электрычнай сетцы ад гэтага зніжаецца, што прыносіць нязручнасці грамадзянам, а таксама можа прывесці да перападаў напружання і перабояў у рабоце электрапрыбораў. А улічваючы тое, што не так даўно ў Хатынічах быў праведзены водапровад, гэтая праблема становіцца як ніколі актуальнай. Таму, замяніўшы ўстарэлыя правады на новыя, большага сячэння, мы гарантавана пазбегнем непрыемнасцей: электраэнергіі будзе хапаць для работы ўсіх электрычных прыбораў, у тым ліку і награвальнікаў. Таксама, мы праводзім і замену апор ліній электраперадач (ЛЭП), якія ўжо выпрацавалі свой рэсурс”.

Па словах Сяргея Уладзіміравіча, раней работнікі электрасетак ужо замянілі 260 метраў правадоў і 5 апор ЛЭП па вуліцы Раздзялавіцкай у Хатынічах, 160 метраў правадоў і 6 апор па вуліцы 17 верасня, і вось у планах замена 165 метраў провада ПЛ і 3 апор ЛЭП па вуліцы Люсінскай і 800 метраў правадоў па вуліцы Зарэчнай у вышэйназванай вёсцы.

У хуткім будучым плануецца правядзенне маштабнага рамонту ліній электраперадач у вёсках Палонь, Кукава Бор, а таксама ў прыгарадзе Ганцавіч і ў новым мікрараёне па вуліцы Арлоўскага. Усяго ж будзе заменена каля 10 кіламетраў правадоўпаветранай лініі электраперадач (ПВ-10кВ).

“Работа брыгад раённых электрычных сетак, здаецца, вельмі незаўважная, — разважае старшыня Хатыніцкага сельвыканкама Генадзь Перашчук. — Але Яна настолькі важная і маштабная, што звычайнаму чалавеку нават цяжка ўявіць. І калі раней былі некаторыя нараканні з боку жыхароў нашай вёскі наконт перабояў у электразабеспячэнні, то цяпер гэтая праблема будзе вырашана на сто працэнтаў”. Таксама Генадзь Аляксандравіч адзначыў работу раённых электрасетак па валцы дрэваў у населеных пунктах раёна, што таксама ўваходзіць у пералік планавых работ па падрыхтоўцы да асенне-зімовага перыяду.

Як расказаў галоўны інжэнер Ганцавіцкага РЭС Аляксандр Муха, замена паветраных, як і кабельных ліній электраперадач — задача важная, бо менавіта яны з’яўляюцца таксама і крыніцай павышанай небяспекі. Але, на жаль, многія грамадзяне не ведаюць элементарных правілаў электрабяспекі, што прыводзіць да траўматызму. Так, 14 красавіка падлетак 2002 года нараджэння, жыхар горада Петрыкаў Гомельскай вобласці, падняўся на металічную мачтавую апору ПЛ-10кВ для таго, кааб сфатаграфавацца, наблізіўся на небяспечную адлегласць і атрымаў удар токам. А ў горадзе Столін Брэсцкай вобласці 20 мая дзіця залезла ў трансфарматарную падстанцыю і, наблізіўшыся да токаправодзячых частак, таксама было траўміравана. У сувязі з гэтым варта нагадаць, што паблізу ліній электраперадач і ў ахоўнай зоне строга забаронена праводзіць работы з прымяненнем грузапад’ёмных механізмаў без узгаднення з уладальнікам электрычных сетак, узводзіць стацыянарныя і часовыя збудаванні, пасвіць жывёлу і ставіць тэхніку, складзіраваць матэрыялы, пранікаць унутр падстанцый і за агароджу. Забаронена набліжацца да абарваных правадоў на адлегласць меншую за 8 метраў, прадпрымаць самастойныя дзеянні па рамонце пашкоджанага электрычнага абсталявання, лавіць рыбу каля ліній электраперадач, самастойна спілоўваць дрэвы і праводзіць зямельныя работы з прымяненнем механічных сродкаў без узгаднення з РЭС.

Для аператыўнага вырашэння пытанняў па ліквідацыі аварыйных сітуацый варта тэрмінова паведаміць аб гэтым дыспетчару РЭС па тэлефоне 144 (кругласутачна).

Ксенія ЛУЦКО.

НА ЗДЫМКАХ: 1. Электраманцер Арцём Рылка рыхтуе правады да мантажу; 2. Электраманцер Андрэй Татарыновіч падчас замены проваду ЛЭП.

Фота аўтара.